28 верасня, у шосты школьны дзень, у вучняў 8 “А” класа была магчымасць дакрануцца да матэрыяльнай спадчыны продкаў: пра сямейныя традыцыі беларусаў яны даведаліся ў этнаграфічным кабінеце “Беларуская хатка” падчас мерапрыемства “Сямейныя традыцыі беларусаў”. Вучні паглыбілі свае веды аб прызначэнні кроснаў, прасніц, убачылі маслабілкі, старыя прасы, дзіцячае і дарослае адзенне, сурвэткі, ручнікі. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Рыгораўна Маркава распавяла пра правілы-прадпісанні паводзін чалавека, сям’і, роду ў кантэксце падрыхтоўкі і правядзення важнейшых сямейных абрадаў: нараджэння, хрэсьбін, вяселля.
Будзем спадзявацца, што мудрыя парады, правілы, падказкі нашых продкаў не толькі выклічуць цікавасць да пазнання мінулага, але і дапамогуць пазбегнуць пэўных памылак, а таксама зробяць па-сапраўднаму цікавым наша культурна-нацыянальнае жыццё!
Такія мерапрыемствы садзейнічаюць фарміраванню ў навучэнцаў беларусазнаўчых ведаў, патрыятычнай культуры, пачуцця гонару за духоўную і матэрыяльную спадчыну беларускага народа.
Л.В. Селіфонтава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры