Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было заснавана ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года з мэтай павышэння дасведчанасці аб моўнай і культурнай разнастайнасці і прасоўвання шматмоўя.
Ідэя святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ўзнікла па ініцыятыве Бангладэш, бо там 21 лютага 1952 года – у перыяд, калі гэтая дзяржава ўваходзіла ў склад Пакістана – у найбуйнейшым горадзе краіны Дака адбыліся шматтысячныя акцыі, удзельнікі якіх выступалі за надзяленне бенгальскай мовы афіцыйным статусам.
Кожны год ЮНЕСКА выбірае тэму для Міжнароднага дня роднай мовы і спансіруе адпаведныя мерапрыемствы ў сваёй штаб-кватэры ў Парыжы. У 2024 годзе яна гучыць як «Шматмоўная адукацыя – аснова навучання і перадачы ведаў паміж пакаленнямі».
21 лютага 2024 года ў нашай школе былі праведзены розныя мерапрыемствы, якія дапамаглі вучням “адчуць смак роднай мовы”. Вучні 7 класаў наведалі бібліятэку імя Лермантава, дзе прайшла літаратурная гадзіна “Прытуліся да роднага слова”. Вучні 8-11 класаў пісалі агульную дыктоўку. А вучні 5-7 класаў выраблялі віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове і Беларусі!”. Акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску” была цікавай для ўсіх вучняў школы. Вялікую цікавасць выклікалі мерапрыемствы, што прайшлі па школе, пад дэвізам “Чытаем на роднай мове”.
Сёлета да Міжнароднага дня роднай мовы ў нашай школе прымеркавалі шэраг розных адукацыйна-забаўляльных мерапрыемстваў у рамках Тыдня роднай мовы і літаратуры. Мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы, не закончыліся 21 лютага. Справаздачу глядзіце далей на нашым сайце.